Усе ўстановы адукацыі Маларытчыны ўжо гатовы да навучальнага года

Информация для населения

Усе навучальныя ўстановы Маларытчыны ўжо гатовы хоць заўтра прыняць у свае сцены дзяцей і пачаць адукацыйна-выхаваўчы працэс. Першага верасня дзяўчат і хлопцаў сустрэнуць абноўленыя пасля рамонту класы і калідоры, групы ў дзіцячых садах, сталовыя і бібліятэкі, спартыўныя залы і дзіцячыя пляцоўкі. Гатоўнасць навучальных устаноў праверыла раённая камісія, якая сёлета працавала 15-19 жніўня.

У склад яе ўвайшлі  прадстаўнікі аддзела па адукацыі, раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, санітарна-гігіенічнай службы раёна,  цепла-тэхнічнай і электра-тэхнічнай інспекцый. Яны скрупулёзна правяралі падрыхтоўку кабінетаў, спальных памяшканняў, спартыўных залаў і пляцовак, стадыёнаў, харчблокаў і сталовых, цеплавузлоў. Падчас агляду гатоўнасці ўвага скіроўвалася на пытанні аховы працы, добраўпарадкаванне тэрыторыі, пажарную і электрабяспеку, санітарна-гігіенічны стан. Камісія таксама не абышла ўвагай і пытанне  бяспекі і арганізацыі падвозу дзяцей.

Такая своеасаблівая дзяржпрыёмка дае заключэнне, наколькі ўстановы адукацыі гатовы сустрэць сваіх выхаванцаў перад пачаткам новага навучальнага года, “заўважае” не толькі, што зроблена, але і выяўляе,  калі ёсць,  недахопы,  якія неабходна тэрмінова ліквідаваць.

Па словах начальніка аддзела райвыканкама па адукацыі Таццяны Лаўрэенка, каб стварыць камфортныя і бяспечныя ўмовы для навучання і выхавання дзяцей, атрымаць сертыфікаты гатоўнасці, іх калектывы правялі значную падрыхтоўчую работу, якая ў многіх ужо завершана. Сур’ёзныя заўвагі ні ў адной школе і дзіцячым садку не былі зроблены.

– У перыяд падрыхтоўкі да пачатку новага навучальнага года значная ўвага надавалася ўмацаванню матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі раёна, – гаворыць Таццяна Міхайлаўна. – На гэта накіроўваліся бюджэтныя і пазабюджэтныя сродкі, а таксама спонсарская дапамога. Гаспадарчым спосабам, сіламі работнікаў устаноў адукацыі, шэфаў і бацькоў вучняў выканана 70% работ па падрыхтоўцы ўстаноў адукацыі.

На выкананне работ па бягучым рамонце са сродкаў раённага бюджэту ў 2022 годзе выдзелена 126,1 тыс. рублёў. Праведзены работы па бягучаму рамонту даху ў Вялікарыцкай СШ, раённай гімназіі,  Дарапеевіцкім д/с-СШ, Арэхаўскай СШ, Замшанскай БШ,  Радзежскім  дзіцячым садзе, Хаціслаўскай СШ і яслях-садзе. Таксама праведзены бягучы рамонт ўваходных ганкаў у Макранскім дзіцячым садзе і бягучы рамонт склепа ў яслях-садзе № 6 райцэнтра. У Макранскай СШ  праведзены  рамонт харчблока на суму 20,1 тыс. рублёў, а таксама адмосткі і цокаля на суму 17,9 тыс. рублёў. У рамках рэалізацыі мерапрыемстваў Дзяржаўнай праграмы “Энергазберажэнне” на 2022 год па выніках абвешчанага конкурсу на харчаблокі ўстаноў адукацыі выдзелена са сродкаў рэспубліканскага бюджэту 11,65 тыс. рублёў для замены тэхналагічнага абсталявання на энергаэфектыўнае, пры ўмове сумеснага фінансавання са сродкаў раённага бюджэту ў суме 11,65 тыс. рублёў. Праведзена працэдура закупкі і заключаны дагаворы на пастаўку абсталявання на суму 23,30 тыс. рублёў. У бягучым годзе выкананы работы па правядзенні рэвізіі сістэм вентыляцыі на харчблоках згодна з планам-графікам у 6 установах адукацыі. Праве­дзены касметычныя рамонты ўсіх харчблокаў. Набыты для  іх посуд і сталовыя прыборы на суму 4,2 тыс. рублёў,  стэлажы – на суму 1,9 тыс. рублёў.

Для абнаўлення біблі­ятэчнага фонду школьных бібліятэк набыта сацыяльна значная літаратура на суму 1,9 тыс. рублёў. Для забеспячэння адукацыйнага працэсу абноўлены камп’ютарны клас у Маларыцкай СШ № 1. З’явілася новая вучнёўская мэбля ў СШ № 1 і  раённай гімназіі, а таксама  шафы дзіцячыя для адзення з лаўкамі – у Маларыцкім раённым цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі. Акрамя таго, набыты катлы на суму 16 тыс. рублёў для дзвюх устаноў адукацыі. Усе кацельні ўстаноў адукацыі раёна абсталяваны навесамі і складамі для паліва. Удзель­ная вага мясцовых відаў паліва ў энергетычным балансе складае 100%. У раёне забяспечваецца падвоз вучняў і выхаванцаў сельскіх школ да месцаў вучобы. Падвозам штогод ахоплена каля 384 чалавек. Для гэтага задзейнічана 15 школьных аўтобусаў. Усе яны адпавядаюць Правілам аўтамабільных перавозак пасажыраў.

– Таццяна Міхайлаўна, вы сказалі, што на падрыхтоўку да новага навучальнага года былі затрачаны не толькі бюджэтныя грашовыя сродкі, але і спонсарскія. Хто дапамог найбольш?

– Сёлета на падрыхтоўку да новага навучальнага года выкарыстана 19,8 тыс. рублёў з пазабюджэтных сродкаў і 14,2тыс. рублёў – са спонсарскай дапамогі. Найбольш значная спонсарская дапамога аказана такімі прадпрыемствамі, як СП “Санта Брэмар” (3 тыс. рублёў, для Макранскай СШ), ААТ “Брэсцкі мясакамбінат” (3 тыс. рублёў, для Макранскай СШ), ААТ “Чырвоны партызан” (3 тыс. рублёў, для Маларыцкай СШ № 1),  ІП Шчаблыкін (1 тысяча трублёў,  для ясляў-сада №2), СУП “Хаціслаўскі” (0,5 тыс. рублёў,  для Мельніцкай БШ) і інш.

Раённай камісіяй дадзена высокая ацэнка калектывам многіх устаноў адукацыі, якія сумленна і аддана папрацавалі над добраўпарадкаваннем кабінетаў, калідораў, пры­школьных тэрыторый, ствараючы сваімі рукамі прыгажосць, камфорт, утульнасць, бяспеку.