На Маларытчыне праходзяць мерапрыемствы штогадовай навагодняй дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці”.
У яе рамках у Маларыцкім раённым цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі адбыўся навагодні ранішнік “Цуды пад Новы год”. Разам з Дзядулем Марозам, Снягуркай, Бабай Ягой, іншымі казачнымі персанажамі ў госці да дзяцей завіталі старшыня Маларыцкай раённай арганізацыі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь” Алена Серада, старшыня Маларыцкай раённай арганізацыі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” Наталля Іванова, начальнік Маларыцкага аддзялення Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь Уладзімір Карабчук, памочнік урача-гігіеніста Маларыцкага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Любоў Струнец.
Яны павіншавалі выхаванцаў раённага цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі з Новым годам, уручылі ім салодкія падарункі. Усе разам вадзілі вакол ёлкі карагоды, спявалі і танцавалі, удзельнічалі ў гульнях і цікавых конкурсах. Стварыць чароўную святочную атмасферу дапамаглі члены клуба ЮНЕСКА “Гагарынцы” Маларыцкай раённай гімназіі (кіраўнік Алена Сезік). Яны падрыхтавалі і правялі навагодні ранішнік.
Незвычайныя дэкарацыі, касцюмы казачных персанажаў, музычныя кампазіцыі – усё гэта стварыла непаўторную навагоднюю атмасферу, пакінула запамінальныя ўражанні, станоўчыя эмоцыі.


