Раённы кірмаш мэтавай падрыхтоўкі “Чалавек працай вялікі” адбыўся на мінулым тыдні ў ГДК
Выбар спецыяльнасці – важны і адказны крок у жыцці выпускнікоў устаноў адукацыі. Калі адны ўжо зрабілі свой усвядомлены выбар, то іншыя пакуль яшчэ сумняваюцца, куды пайсці вучыцца. Каб дапамагчы вучням канчаткова выбраць будучую прафесію, падказаць, параіць, на мінулым тыдні ў ГДК адбыўся раённы кірмаш мэтавай падрыхтоўкі “Чалавек працай вялікі”.
Мерапрыемства прайшло шумна, ярка, маштабна і з карысцю як для ўдзельнікаў, так і для арганізатараў. На кірмаш былі запрошаны вучні 9–11 класаў устаноў адукацыі Маларытчыны, прадстаўнікі структурных падраздзяленняў райвыканкама, раённых арганізацый, прадпрыемстваў, а таксама ўстаноў адукацыі вобласці.
Адкрыў мерапрыемства намеснік старшыні райвыканкама Станіслаў Ляшчук. Станіслаў Яўгенавіч адзначыў, што ад кваліфікацыі і прафесіяналізму кіраўнікоў, спецыялістаў і рабочых залежыць дабрабыт нашай краіны. У апошні час папулярнасць набірае мэтавая падрыхтоўка кадраў. Прыярытэты такога паступлення відавочны. Мэтавае накіраванне дазваляе бясплатна атрымаць сярэднюю спецыяльную або вышэйшую адукацыю. Яно з’яўляецца гарантыяй прадастаўлення першага працоўнага месца па спецыяльнасці, магчымасцю атрымання прафесійнага вопыту. Разам з тым важна памятаць і пра тое, што па мэтавым накіраванні ёсць абавязковая адпрацоўка.
Акцэнт на мэтавую падрыхтоўку спецыялістаў быў зроблены і ў выступленнях начальніка аддзела па адукацыі райвыканкама Аляксандра Пятручыка, галоўнага ўрача Маларыцкай ЦРБ Пятра Селівоніка, старшыні праўлення Маларыцкага райспажыўтаварыства Аляксандра Завадскага, намесніка начальніка Маларыцкага аддзела па надзвычайных сітуацыях Паўла Палуяна, галоўнага спецыяліста ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Аляксандра Шырокава, дырэктара Маларыцкага аграрнага каледжа Алены Талашкі.
У другой частцы раённага кірмашу мэтавай падрыхтоўкі вучняў запрасілі на прафарыентацыйныя пляцоўкі “У свеце прафесій”, якія былі арганізаваны ў фае і танцавальнай зале ГДК. Прадстаўнікі шматлікіх арганізацый, прадпрыемстваў, устаноў Маларытчыны вучням дэманстравалі інфармацыйныя відэаролікі, стэндавыя экспазіцыі, расказвалі пра свае прафесіі, умовы працы, сацыяльныя гарантыі, магчымасці для прафесійнага і кар’ернага росту, адказвалі на пытанні, звязаныя з выбарам прафесіі.
