У ГДК прайшоў круглы стол “Сіла бацькоўскай любові”
У ГДК прайшоў круглы стол “Сіла бацькоўскай любові”. Ён быў сумесна падрыхтаваны аддзелам ЗАГС Маларыцкага райвыканкама і раённай арганізацыяй грамадскага аб’яднання “БРСМ”. У фае ГДК перад пачаткам мерапрыемства валанцёры-актывісты БРСМ сустракалі сем’і, віншавалі іх са святам, частавалі пернікамі, разам фатаграфаваліся.
Для дзяцей была арганізавана тэматычная дзіцячая пляцоўка. Валанцёры з імі праводзілі розныя захапляльныя конкурсы і інтэрактыўныя гульні. Бацькі ж у гэты час сабраліся за “круглым сталом”, каб за кубачкам кавы падзяліцца вопытам выхавання дзяцей, абмеркаваць надзённыя і актуальныя пытанні. У шчырым і зацікаўленым дыялогу прынялі ўдзел сем’і Марыі і Аляксандра Захожых (бацькі 2 дзяцей, сямейны “стаж” – 9 гадоў), Людмілы і Юрыя Карнелюкоў (бацькі 4 дзяцей, сямейны “стаж” – 14 гадоў), Наталлі і Алега Якубчыкаў (бацькі 3 дзяцей, сямейны “стаж” – 24 гады), Людмілы і Андрэя Гарбацэвічаў (бацькі 2 дзяцей, сямейны “стаж” – 22 гады), а таксама клірык храма свяціцеля Мікалая Цудатворцы райцэнтра іерэй Сергій Раманко і першы сакратар раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “БРСМ” Марыя Горнік.
Удзельнікам круглага стала яго вядучая Людміла Гарбацэвіч прапанавала пагаварыць аб важнасці захавання сямейных каштоўнасцей і традыцый, аб ролі маці і бацькі ў сям’і і выхаванні дзяцей. Аднак шчырая і адкрытая размова хутка выйшла за межы акрэсленых тэм. Сапраўды, аб выхаванні дзяцей можна гаварыць бясконца і з розных пунктаў гледжання.
Алег Якубчык перакананы, што выхаванне – гэта галоўная функцыя менавіта сям’і. Для дзіцяці бацькі з’яўляюцца крыніцай падтрымкі, узорам і прыкладам для пераймання, старэйшымі сябрамі і дарадчыкамі. Важна, каб бацькі і дзеці адчувалі ўстойлівую патрэбнасць ва ўзаемных адносінах, давяралі адзін аднаму, імкнуліся да роўнасці, праяўлялі адкрытасць, такт. Мама і тата павінны навучыцца разумець свет дзіцяці, яго ўзроставыя запатрабаванні. Менш загадаў, пагроз, пакаранняў, а больш умення слухаць і чуць адзін аднаго, імкнення да пошуку сумеснага вырашэння пастаўленых пытанняў, праблем, якія ўзніклі.
Андрэй Гарбацэвіч упэўнены, што любы бацька павінен абавязкова праводзіць час з сынам і займацца яго выхаваннем. Бацьку неабходна бачыць і адчуваць, калі сыну цяжка, калі яму патрэбна падтрымка і парада блізкага чалавека. Акрамя таго, тата павінен з маленства паказаць на прыкладах, што такое “добра” і “дрэнна”. Маладому чалавеку неабходна ўмець асэнсоўваць і выбіраць жыццёвыя прынцыпы і арыенціры.
Іерэй Сергій Раманко гаварыў аб тым, што выхаванне дзіцяці, сапраўды, немагчыма без бацькі. Без таты яно не будзе паўнавартасным і эфектыўным. Менавіта бацька фарміруе ў дзіцяці такія чалавечыя якасці, як сумленнасць, патрыятызм, высакароднасць, мужнасць… Правільны прыклад таты ў сям’і вучыць хлопцаў быць сапраўднымі мужчынамі, а пасля – добрымі мужамі, бацькамі. Іерэй Сергій Раманко акцэнтаваў увагу прысутных на тым, што сёння неабходна выхоўваць маладое пакаленне найперш на любові да Бога, таму што вера – гэта ключ да ўсяго.
Размова за круглым сталом атрымалася жывой і карыснай. Завяршылася яна праглядам відэавіншаванняў, якія падрыхтавалі дзеці сваім татам.