В учреждениях образования района продолжается реализация республиканского пилотного проекта

Гигиена детей и подростков

Ва ўстановах адукацыі раёна працягваецца рэалізацыя рэспуб­ліканскага пілотнага праекта па апрабацыі новых тэхналогій і прын­цыпаў арганізацыі харчавання вучняў. У мінулым навучальным годзе ў “харчовай” інавацыі прымала ўдзел СШ №1. Праект атрымаў станоўчыя вынікі. З 1 верасня да яго далучана яшчэ 13 школ, у тым ліку – і Олтушская сярэдняя школа, у якой у 1–11 класах цяпер навучаецца 119 вучняў. Нядаўна ва ўстанове адукацыі прайшоў бацькоўскі сход “Арганізацыя харчавання вучняў” з удзелам прадстаўнікоў Маларыц­кага раённага цэнтра гігіены і эпідэ­міялогіі.

Пілотны праект распрацаваны Міністэрствам адукацыі з мэтай удасканалення харчавання дзяцей у школах. Патрэба ў яго распрацоўцы і рэалізацыі звязана з тым, што смакавыя перавагі дзяцей змяніліся, на паліцах магазінаў з’явілася шмат новых прадуктаў. Акрамя таго, падыходы да харчавання ў сям’і таксама мяняюцца, на месца традыцыйных сямейных страў прыходзяць новыя. Таму харчаванне вучняў у школах неабходна ўдасканальваць, улічваючы ўзроставыя асаблівасці, смакавыя звычкі  і перавагі дзяцей. Пры распрацоўцы падыходаў па рэалізацыі пілотнага праекта былі прадугледжаны змяненні ў наборы прадуктаў харчавання, дыетыцы, прыгатаванні страў. Варта дадаць, што Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь вызначана: найбольш аптымальнымі прыёмамі ежы для вучняў 1-4 класаў школ з’яўляецца гарачы (другі) сняданак, абед, падвячорак. Вучні 5-11 класаў пачынаюць прыём ежы пазней. Неабходна дадаць, што дзённае і на яго аснове прыкладнае двухтыднёвае меню распрацоўваецца з улікам смакавых пераваг па выніках анкетавання вучняў і іх бацькоў.

Падчас бацькоўскага сходу ў Олтушкай сярэдняй школе бацькам вучняў была прапанавана дэгустацыя 12 страў пілотнага праекта. Мамы вучняў  высока ацанілі смакавыя якасці такіх страў, як нагетсы «Курачка Раба» і «Залатая рыбка», мітболы з сырам, шашлычок курыны, каўбаскі курыныя «Сакрэцікі», бульба запечаная «Антошкіна бульба»,  аладкі  «Рыбная фантазія» і з птушкі «Смачныя», запяканка «Зебра». Даспадобы мамам прыйшліся каўбаскі мясныя з сырам, блінчыкі з сырам і каўбасой, салаты «Дружба» і «Хвілінка», кактэйль малочны «Шакаладная асалода». Смачна прыгатаваныя стравы – гэта справа рук вопытнага шэф-повара Галіны Царовай, павароў-умельцаў Ірыны Казлоўскай і Раісы Каротчыкавай, а таксама кухоннага рабочага Наталлі Гаўрылюк. Да таго ж ва ўстанове адукацыі ёсць неабходнае тэхналагічнае абсталяванне. Нядаўна яно папоўнілася мармітам, міксерам для кактэйляў, параканвектаматам, дзвюма каляскамі сервіровачнымі. У абедзеннай зале з’явіліся новыя сталы і крэслы. Дарэчы, сама абедзенная зала і харчблок набылі сучасны выгляд падчас нядаўняга капітальнага  рамонту. У школьнай сталовай хутка з’явіцца новы шклокерамічны посуд.

Ва ўстанове адукацыі, па словах дырэктара Алены Марук,  рэалізуецца прынцып арганізацыі і шматузроўневага кантролю якасці харчавання. Асноўная роля ў арганізацыі і кантролі за якасцю харчавання адводзіцца савету па харчаванні.