
Работа над праектам “Прыгажосць душы і цела” вучняў Велікарыцкая школы адзначана дыпломам
Моладзь – за здароўе дзеля жыцця!
Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Беларуская Праваслаўная царква і дабрачынны фонд падтрымкі сям’і, мацярынства і дзяцінства “Пакроў” сталі арганізатарамі рэспубліканскага конкурсу сацыяльных маладзёжных праектаў “Моладзь Беларусі – за жыццё, маральнасць і сямейныя каштоўнасці”. Як адзначаецца ў палажэнні аб правядзенні спаборніцтва, яго мэта – уключэнне патэнцыялу маладых людзей у вырашэнне сацыяльна значных праблем сучаснага грамадства, зацвярджэнне здаровай, актыўнай у адносінах да жыцця і сям’і пазіцыі моладзі як асноўнай альтэрнатывы негатыўным з’явам у грамадстве.
У намінацыі “Моладзь – за здароўе дзеля жыцця!” вучні Велікарыцкай сярэдняй школы імя П.Саевіча рэалізоўвалі праект “Прыгажосць душы і цела”. Куратарам яго сталі намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Валянціна Шыцікава і лідары праектнай каманды, вучні 10 класа Наталля Ляўчук і Мікіта Свіцюк. Журы работу вучняў Велікарыцкая школы адзначыла дыпломам ІІ ступені. Узнагарода была ўручана падчас рэспубліканскага маладзёжнага форуму “Сэнс. Жыццё. Будучае”, які прайшоў у культурным духоўна-асветніцкім цэнтры “Каўчэг”.
Праект працягваўся ва ўстанове адукацыі некалькі месяцаў і быў скіраваны на фарміраванне ў маладога пакалення каштоўнасных адносін да вобліку сучаснай дзяўчыны і юнака ў ролі будучых бацькоў. Падчас яго прайшло шмат запамінальных і карысных мерапрыемстваў. Цікавасць выклікаў, напрыклад, прагляд і абмеркаванне фільма-кінаўрока “Пісьмы”, акцыя “Формула добрага настрою”, экскурсія ў Свята-Раства-Багародзіцкі жаночы манастыр (г. Брэст), фотачэлендж “#Сумесная справа” ў сацыяльнай сетцы Instagram, распрацоўка і ўручэнне буклетаў “Аб цноце” вучаніцам 9 і 11 класаў, афармленне тэматычнага стэнда “Асноўныя правілы здаровага ладу жыцця”, удзел у нацыянальным адборы міжнароднага конкурсу выяўленчага мастацтва “Свята святаў”… Падчас рэалізацыі праекта ўдзельнікі праектнай каманды змаглі дасягнуць неабходнай мэты і паспяхова вырашыць пастаўленыя задачы.
Па словах Валянціны Шыцікавай, хоць рэалізацыя праекта ўжо і закончылася, аднак работа ва ўстанове адукацыі ў накірунку далучэння вучняў да актыўнага і здаровага ладу жыцця будзе працягнута.