Да экалагічнай акцыі «Дзень без аўтамабіля» падключылася і Маларытчына

Информация для населения

У нашай краіне 22 верасня прайшла экалагічная акцыя «Дзень без аўтамабіля». Дэвіз яе – “Беларусь за чыстае паветра!” Да акцыі актыўна падключылася і Маларытчына. Арганізатарам мерапрыемства стала Маларыцкая раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Па словах яе начальніка Анатоля Нікіцюка, мэта правядзення акцыі – папулярызацыя экалагічна чыстых відаў транспарту, пешаходных прагулак, здаровага ладу жыцця і захаванне экалогіі, а таксама прыцягненне ўвагі насельніцтва да праблемы залішняга выкарыстання асабістых аўтамабіляў і іх шкоднага ўплыву на стан навакольнага асяроддзя.

– Правядзенне штогадовай акцыі “Дзень без аўтамабіля” носіць добраахвотны характар, – адзначыў Анатоль Іванавіч. – Аўтамабіль сярэдняга класа падчас руху вырабляе 500 грам шкодных газаадходаў кожныя 40 кіламетраў. Выкіды аўтатранспарту – гэта набор таксічных элементаў: вокіс вугляроду, вокіс азоту, вуглевадароды, вокісы серы, злучэнні цяжкіх металаў і інш. Некаторыя з рэчываў, здольныя назапашвацца ў прыродным асяроддзі. і ўяўляюць сур’ёзную пагрозу як для навакольнага асяроддзя, так і для здароўя людзей. Кожны, хто адмовіцца на адзін дзень ад выкарыстання асабістага аўтатранспарту, унясе свой пэўны ўклад у змяншэнне забруджвання паветра краіны. Зразумела, што адзін дзень не “вылечыць” хворую экалогію, але дасць магчымасць задумацца аб праблеме, якая існуе.

      

Падчас правядзення экалагічнай акцыі ў раённай бібліятэцы прайшла выстава дзіцячага малюнка «Прыгажосць навакольнага свету». Таксама быў арганізаваны масавы велапрабег. Яго ўдзельнікі, дзеці і дарослыя, стартавалі і фінішавалі ля будынка райвыканкама. Маршрут велапрабегу быў пракладзены па вуліцах Чырвонаармейскай – Савецкай – Алесіка – Паўднёвай – Чырвонаармейскай. Па словах удзельніцы акцыі Людмілы Сезік, веласіпед – не проста сродак руху. Гэта крыніца станоўчых эмоцый, добрага настрою і зарад бадзёрасці. І перасаджваючыся з аўтамабіля на двухколавы транспарт, мы прыносім карысць не толькі навакольнаму асяроддзю, але і свайму здароўю.

Для ўдзельнікаў экалагічнай акцыі 22 верасня таксама былі прадугледжаны зніжкі 50% на наведванне басейна ва ўніверсальным спартыўным комплексе «Жамчужына». Хто хацеў, змог выкарыстаць такую магчымасць.

Голас часу