Фестываль дзіцячай творчасці «Немагчымае магчыма», прымеркаваны да Міжнароднага дня інвалідаў, прайшоў у Маларыце
Другі інклюзіўны фестываль дзіцячай творчасці «Немагчымае магчыма», прымеркаваны да Міжнароднага дня інвалідаў, прайшоў у Маларыцкім раённым цэнтры культуры. Ініцыятарам і арганізатарам яго правядзення стаў Маларыцкі раённы цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Дэвізам мерапрыемства былі выбраны словы – «Кожнае дзіця – асаблівае, усе дзеці – роўныя!»
Перад пачаткам фестывалю ў фае Маларыцкага раённага цэнтра культуры працавалі інтэрактыўныя пляцоўкі раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, Маларыцкай раённай бальніцы, раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Тут жа прайшла выстава раённага этапу дзіцячай дэкаратыўна-прыкладной творчасці «Дружба пачынаецца з усмешкі». Многа зацікаўленых сабралася ля інтэрактыўнай пляцоўкі «Аквагрым», арганізаванай вучнямі мастацкага аддзялення Маларыцкай дзіцячай школы мастацтваў, а таксама – ля фотазоны. Тут жа можна было атрымаць карысныя парады па пытаннях здаровага ладу жыцця, узважыцца, вымераць свой рост, пачаставацца выпечкай і гарачым чаем, сваімі рукамі зрабіць папяровы сувенір, паспытаць шчасця ў бяспройгрышнай латарэі. Усіх на ўваходзе сустракалі і запрашалі на свята мультыплікацыйныя героі Маша і Мядзведзь з дзіцячага сада №6.
Дзяржаўная палітыка нашай краіны ў дачыненні да інвалідаў скіравана на іх сацыяльную абарону, забеспячэнне роўнасці і паўнапраўнага ўдзелу ва ўсіх сферах жыцця. У Беларусі ў 2022 годзе быў прыняты Закон «Аб правах інвалідаў і іх сацыяльнай інтэграцыі».
Перад пачаткам праграмы да прысутных у зале звярнуліся дырэктар Маларыцкага раённага цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Людміла Лукавец, дырэктар Брэсцкага абласнога цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Таццяна Жук, а таксама благачынны Маларыцкай царкоўнай акругі, настаяцель храма Мікалая Цудатворцы райцэнтра протаіерэй Віктар Паляціла.
На сцэне былі паказаны 12 разнастайных нумароў, якія дэманстравалі, што і дзецям з інваліднасцю і асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця падуладны многія віды дзейнасці. Сваім выступленнем на сцэне парадавалі ўзорная эстрадная студыя «Забава», дзіцячы агіттэатр «Гадзіна Пік», Данііл Струнец, Алена Коцелева, Аліна Дворак, Вікторыя Лышчык, Сафія Ігнацюк, Андрэй Кацёл, выхаванцы раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, дзіцячых садоў №1, 4, 5, 6, вучні сярэдняй школы №1 горада Маларыта. Як сапраўдныя артысты, юныя ўдзельнікі фестывалю шмат працавалі над сваімі нумарамі. Яны змаглі ўсхваляваць і парадаваць гледачоў.
Дапамогу ў правядзенні ІІ інклюзіўнага фестывалю дзіцячай творчасці «Немагчымае магчыма» аказалі Маларыцкі раённы цэнтр культуры, магазін «Аладзін» (індывідуальны прадпрымальнік Вольга Ясінская), праваслаўнае сястрынства ў гонар іконы Божай Маці «Усіх тужлівых Радасць» пры храме Мікалая Цудатворцы (г. Маларыта), валанцёры раённай гімназіі, а таксама Брэсцкая абласная натарыяльная палата Беларускай натарыяльнай палаты.



