Маларытчына далучылася да ІІІ рэспублі­канскага марафона па скан­ды­наўскай хадзьбе “Крок да даўгалецця”

Информация для населения

Прайшоў ІІІ рэспублі­канскі марафон па скан­ды­наўскай хадзьбе “Крок да даўгалецця”, прымер­каваны да Дня пажы­лых людзей. Да яго актыўна падключылася і Маларытчына. Марафон у райцэнтры аб’яднаў самых актыўных і матываваных жанчын і мужчын, прыхільнікаў здаровага ладу жыцця ва ўзросце ад 63 да 84 гадоў.

Мерапрыемства  было арганізавана і праведзена спецыялістамі аддзялення комплекснай падтрымкі ў крызіснай сітуацыі  і  дзённага  знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту Маларыцкага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. 

Перад пачаткам старту псіхолаг гэтай установы Алена Некрашэўская расказала пра дабратворны ўплыў скандынаўскай хадзьбы на стан здароўя. Яна падкрэсліла, што скандынаўская хадзьба – від фізічнай актыўнасці, у якім выкарыстоўваецца методыка хадзьбы пры дапамозе спецыяльна распрацаваных палак. З дапамогай такога метаду фізічнай тэрапіі можна актыўна ўплываць на функцыі органаў і сістэм, а таксама пазбавіцца ад некаторых захворванняў. Асабліва карысны гэты від актыўнасці для людзей з парушэннямі дыхання, кровазвароту, астэахандрозам, астэапарозам, артрозам і лішняй вагой. Такі метад шырока выкарыстоўваецца для рэабілітацыі пасля інфаркту і ішэмічнага інсульту. Гэтая тэхналогія зніжае артэрыяльны ціск і цукар у крыві. Плюсы скандынаўскай хадзьбы і ў тым, што яна падыходзіць для людзей любога ўзросту, эканамічная (патрэбны толькі спецыяльныя палкі), мае мінімум супрацьпаказанняў, нармалізуе сон, узмацняе эмацыйна-валявую сферу, дапамагае пры стрэсах. Акрамя таго, яна садзейнічае паляпшэнню постаці, зніжае нагрузку на каленныя суставы, павялічвае вынослівасць арганізма, дае зарад энергіі і пазітыву.

Мікалай Юхімук нагадаў прысутным асноўныя правілы заняткаў скандынаўскай хадзьбой. Дарэчы, Міка­лай Андрэевіч ёй займаецца ўжо 13 гадоў. Кожны дзень мужчына імкнецца праходзіць ад 5 да 10 кіламетраў.  Для гэтага ў яго за горадам ёсць спецыяльна пракладзеная сцежка.

Старт марафону быў дадзены на тэрыторыі аддзялення сацыяльнай  рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў Маларыцкага тэрытарыяльнага цэнтра  сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Усе ўдзельнікі спаборніцтва паспяхова пераадолелі загадзя намечаны маршрут. Радасныя і задаволеныя, яны прыйшлі на фініш. Пасля іх чакаў салодкі стол. За кубачкам чаю жанчыны і мужчыны абмеркавалі надзённыя пытанні. Арганізатары мерапрыемства падрыхтавалі ўсім удзельнікам марафону падарункі і памяткі “Скандынаўская хадзьба запрашае!”

Таццяна Одзерава адзначыла, што ў марафоне па скандынаўскай хадзьбе яна прымала ўдзел і ў мінулым годзе. Яе  асабістае дасягненне – другое месца. Сёлета жанчына выйшла на старт не дзеля перамогі. Для яе ўдзел у мерапрыемстве – гэта яшчэ адзін крок да здаровага ладу жыцця, светлыя хвіліны зносін з людзьмі.

Дарэчы, пры Маларыцкім тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва дзейнічае група па скандынаўскай хадзьбе ў рамках работы клуба зносін для грамадзян пажылога ўзросту “Нязгасны агеньчык”. Пасяджэнні яго праводзяцца адзін раз на месяц на базе Маларыцкага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Голас часу