
Дыялогавая пляцоўка “Першы рэгіён моладзі супраць наркотыкаў” прайшла ў чытальнай зале раённай бібліятэкі
У чытальнай зале раённай бібліятэкі прайшла дыялогавая пляцоўка “Першы рэгіён моладзі супраць наркотыкаў”. Ініцыятарам і арганізатарам яе правядзення стаў раённы камітэт грамадскага аб’яднання “БРСМ”.
На сустрэчу былі запрошаны вучні 10 “А” класа СШ №2. У ёй прынялі ўдзел старшы оперупаўнаважаны групы наркакантролю і супрацьдзеянню гандлю людзьмі Маларыцкага РАУС Аляксандр Бяльчук, першы сакратар раённага камітэта БРСМ Марыя Горнік, клірык храма свяціцеля Мікалая Цудатворчы райцэнтра іерэй Сергій Раманко.
Падчас сустрэчы, якую правяла бібліятэкар Дзіяна Пашкевіч, старшакласнікі даведаліся, што такое наркотыкі, як яны негатыўна ўплываюць на здароўе чалавека, пра механізм узнікнення наркатычнай залежнасці (першыя яе прыкметы), шляхах уцягнення ў наркаманію, партрэт наркамана, а таксама пазнаёміліся са статыстыкай выяўленых правапарушэнняў і крымінальнай адказнасцю, якую нясе чалавек за ўжыванне наркотыкаў.
Выступоўцы гаварылі аб тым, што справакаваць першае ўжыванне можа шмат што: пачуццё цікаўнасці, жаданне не здацца белай варонай сярод астатніх… Аднак затым з’яўляецца залежнасць на ўзроўні біялогіі і псіхікі, а чалавек сябе менш кантралюе. Парушаецца праца нервовай сістэмы, пакутуюць печань, ныркі, а самае галоўнае – скарачаецца тэрмін жыцця.
Іерэй Сергій Раманко падкрэсліў, што асноўная прычына звароту да ўжывання наркотыкаў – духоўная спустошанасць і маральная беспрынцыповасць. У сучасным грамадстве існуе памылковае ўяўленне пра шчасце і сэнс жыцця. Адбылася падмена вечных каштоўнасцей каштоўнасцямі часовымі, уяўнымі, якія хутка мінаюць і не могуць задаволіць чалавечую асобу. Асабліва часта такое адбываецца ў юнацтве, калі чалавек знаходзіцца ў пошуках ідэалаў, схільны да максімалізму, ні ў чым не можа знайсці апоры. У выніку адбываецца крызіс асобы, спроба з дапамогай наркотыкаў сысці ў свет ілюзій. Пазбавіцца наркаманіі без выздараўлення душы чалавека нельга.
Напрыканцы дыялогавай пляцоўкі байцы маладзёжнага праваахоўнага руху БРСМ уручылі старшакласнікам памяткі, у якіх расказваецца пра негатыўны ўплыў наркотыкаў на арганізм чалавека.