Ветэраны педагагічнай працы і педагогі ўстаноў адукацыі Маларытчыны прынялі ўдзел сустрэчы «Разам – на старт!»

Информация для населения

Раённая арганізацыя ветэранаў педагагічнай працы адна з лепшых  у  Маларыцкай раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў. Сумесна з Маларыцкай раённай арганізацыяй Беларускага прафесійнага  саюза работнікаў адукацыі і навукі  (старшыня Тамара Бурштын), Маладзёжным Саветам раённай арганiзацыi прафсаюза  (старшыня Таццяна Пагарэльская) ініцыіруецца, арганізуецца і праводзіцца шмат масавых культурных, фізкультурна-аздараўленчых і спартыўных мерапрыемстваў. Да ўдзелу ў іх актыўна далучаюцца як тыя, хто ўжо на заслужаным адпачынку, так і тыя,  хто нядаўна пачаў свой шлях у прафесію. Вось апошняе таму пацвярджэнне.

На базе Маларыцкай раённай гімназіі прайшла спартыўная сустрэча «Разам – на старт!».  У ёй прынялі ўдзел ветэраны-сейбіты разумнага, добрага, вечнага і маладыя педагогі ўстаноў адукацыі Маларытчыны. Спаборнічалі дзве  змешаныя рознаўзроставыя каманды: «Пазітыў» і «Адрэналін». Каб перамагчы, кожнай з іх трэба было ў дзевяці выпрабаваннях-эстафетах прадэманстраваць лепшы ўзровень фізічнай падрыхтаванасці, сваю спрытнасць, сілу, хуткасць,  трапнасць, імкненне да перамогі і згуртаванасць. Каманды выдатна справіліся з усімі эстафетамі: «Не выпусці», «Раскладзі і збяры», «Патрап у цэль», «Хуткаходы», «Кольцакідальнік», «Тры нагі», «Не прамахніся», «Кальцо дракона», «Не выпусці паветраны шар». Падчас гэтых выпрабаванняў найлепшым чынам працаваў спартыўны дэвіз «Адзін – за ўсіх і ўсе – за аднаго». Актыўна падтрымлівалі  ўдзельнікаў спартыўнай сустрэчы і балельшчыкі.

І вось старшыня спаборніцтва Васіль Грэбень аб’явіў яго вынікі. Спартыўная сустрэча закончылася ўнічыю з лікам 7:7. Старшыня Маларыцкай раённай арганізацыi Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Тамара Бурштын уручыла заслужаныя ўзнагароды капітанам каманд – Леаніду Лук’янчуку і Сафіі Якубчык. Салодкія падарункі таксама  атрымалі ўсе, хто падчас  сустрэчы на спартыўнай пляцоўцы абараняў гонар дзвюх каманд: «Пазітыў» і «Адрэналін».

***

Затым прайшла другая частка мерапрыемства. З кубачкам гарбаты і кавы завязалася цікавая і шчырая размова. За круглым сталом, які правялі Тамара Бурштын і старшыня раённай арганізацыі ветэранаў педагагічнай працы Сафія Якубчык, педагогі, былыя і цяперашнія, абмеркавалі  актуальныя і надзённыя пытанні сістэмы адукацыі, падзяліліся сваімі ўспамінамі пра пару сваёй настаўніцкай дзейнасці, падказалі маладым калегам рэцэпты паспяховага настаўніцтва, а таксама чыталi свае любiмыя вершы.

Не страцілі былыя педагогі ні прыгажосці, ні энергіі, ні шчырасці, ні дабрыні, ні жыццярадаснасці. Адчувалася, што многім з іх хацелася вярнуцца ў любімую школу на ўрок, пастаяць ля дошкі з крэйдай у руках, пагаварыць з вучнямі. Гэта шчасце – хоць на імгненне ўспомніць шчаслівую пару маладосці і зноў стаць настаўнікам.

Голас часу

Добавить комментарий