Лепшыя юнаармейцы – у Макранскай школе

Информация для населения

Раённы этап рэспубліканскай ваенна-патрыятычнай гульні “Зарніца” прайшоў на базе раённай гімназіі. Аганізатарамі яго сталі аддзел па адукацыі Маларыцкага райвыканкама і Кобрынска-Маларыцкая міжраённая арганізацыйная структура “Добраахвотнае таварыства садзейнічанню арміі авіацыі і флоту”. У штогадовым спаборніцтве прымала ўдзел 10 атрадаў  юнаармейцаў устаноў адукацыі Маларытчыны.

Урачыстае пастраенне ўдзельнікаў, прывітальнае слова намесніка начальніка аддзела па адукацыі Маларыцкага райвыканкама Лідзіі Пішчык,   выкананне Дзяржаўнага гімна краіны – і юнаармейцы накіраваліся рыхтавацца да выпрабаванняў.

Каб стаць пераможцам “Зарніцы”, неабходна было  годна прайсці чатыры выпрабаванні: агляд строю і песні “Мы – праўнукі Перамогі”, спаборніцтва “Да абароны Айчыны гатовы!” (стральба з пнеўматычнай вінтоўкі па мішэні № 8 з адлегласці 10 метраў), паласу перашкод і конкурс камандзіраў атрадаў – інтэлектуальную віктарыну “Зарніца вучыць” (уключала 15 пытанняў па ваеннай гісторыіі Беларусі, дзяржаўнай сімволіцы, аказанні першай медыцынскай дапамогі, гісторыі піянерскага руху…).

Па суме набраных балаў першае месца заняў атрад “Слаўны” Макранскай СШ (кіраўнік Алег Весянёў) у складзе Сяргея Грабара, Уладзіміра Бурштына, Мікалая Кісіля, Дзіяны Бурштын, Андрэя Ківачука, Мацвея Нікіцюка, Расціслава Ключынскага, Крысціны Карнялюк, Веры Карнялюк і Ангеліны Сівохі. Нязначна ад лідара адстаў атрад “Артылерысты”  Хаціслаўскай СШ (кіраўнік Сяргей Смаль). Трэцяе месца ва ўпартай барацьбе дасталося атраду “Пілоты” раённай гімназіі (кіраўнік Леанід Лук’янчук).

– “Зарніца” – гульня, якая прайшла выпрабаваннем часам, – адзначыла на ўрачыстым закрыцці, уручаючы заслужаныя щзнагароды, намеснік начальніка па адукацыі Лідзія Пішчык. – У яе з задавальненнем гулялі і 50 год назад, і сёння гуляюць. Кожная “Зарніца” дорыць удзельнікам безліч станоўчых эмоцый. Упэўнена, што і сёлетняя гульня  стала не выключэннем.

         

Голас часу