
«Сям’я – любві вялікай царства»
Сям’я – любві вялікай царства – такую назву меў чарговы раённы бацькоўскі сход. Ён быў прымеркаваны да Міжнароднага Дня сям’і і прайшоў у рамках Усебеларускай акцыі “Беларусь – за здаровую сям’ю і традыцыйныя сямейныя каштоўнасці”.
Перад пачаткам мерапрыемства, якое прайшоў у раённай гімназіі, працавалі тэматычныя пляцоўкі Маларыцкага раённага цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі “Ты не адзін”, Маларыцкага раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра “Чужых дзяцей не бывае”, Маларыцкага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Сям’я – сем я”, раённай гімназіі “Сям’я са знакам якасці”, а таксама былі прадстаўлены тэматычныя выставы СШ №1 і СШ №2 райцэнтра.
На раённы бацькоўскі сход было запрошана амаль 200 бацькоў (законных прадстаўнікоў) вучняў з 19 устаноў адукацыі Маларытчыны. У яго рабоце прынялі ўдзел начальнік аддзела па адукацыі Маларыцкага райвыканкама Аляксандр Пятручык, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Маларыцкага райвыканкама Сяргей Пішчык, намеснік начальніка раённага адзела па надзвычайных сітуацыях Маларыцкага райвыканкама Павел Палуян, благачынны цэркваў Маларыцкай акругі протаіерэй Віктар Паляціла.
Адкрываючы мерапрыемства, начальнік аддзела па адукацыі Аляксандр Пятручык сказаў, што сям’я для дзіцяці – гэта не толькі месца яго нараджэння, сталення і станаўлення. У сям’і дзіця атрымлівае асновы ведаў пра навакольны свет. Тут складваюцца яго ўяўленні пра дабро і зло, пра прыстойнасць, пра паважлівае стаўленне да матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей. З блізкімі людзьмі дзіця перажывае пачуцці любові, дружбы, доўгу, адказнасці, справядлівасці, вучыцца пераадольваць цяжкасці і радавацца перамогам.
Сяргей Пішчык, Павел Палуян і протаіерэй Віктар Паляціла адзначылі, што сучасныя сем’і развіваюцца ва ўмовах якаснай і супярэчлівай грамадскай сітуацыі. З аднаго боку, назіраецца паварот грамадства да праблем і патрэб сям’і, распрацоўваюцца і рэалізуюцца комплексныя мэтавыя праграмы па ўмацаванні і павышэнні яе значнасці ў выхаванні дзяцей. З іншага боку, назіраюцца працэсы, якія прыводзяць да абвастрэння сямейных праблем. І, гаворачы пра сучасную сям’ю, мы ўяўляем дом, у якім яна жыве. А які ж ён, гэты сямейны дом? З чаго складаецца яго падмурак, сцены, дах? Гэта пытанні, адказы на якія неабходна знайсці ўсім разам. У няпростых сучасных умовах сям’і патрабуецца сістэматычная і кваліфікаваная дапамога з боку не толькі ўстановы адукацыі, але і іншых дзяржаўных, грамадскіх структур, а таксама царквы.
Удзельнікі мерапрыемства абмеркавалі пытанні каштоўнасці чалавечага жыцця, прыгажосці мацярынства і бацькоўства, важнасці інстытута сям’і і яго каштоўнасці. Гэтыя пытанні цяпер вельмі важныя, актуальныя і надзённыя. Яны прадыктаваны часам. Правільныя адказы на шматлікія пытанні, звязаныя з выхаваннем падрастаючага пакалення, можна знайсці, сапраўды, толькі ў цесным супрацоўніцтве і адзінстве сям’і, школы, грамадскасці і царквы.
На раённым бацькоўскім сходзе гаварылася і пра бяспеку дзяцей падчас летніх канікул. Акцэнт быў зроблены на свавольствы дзяцей з агнём, недапушчэнне пакідання іх без нагляду, правільнае распальванне вогнішчаў у лясах, а таксама адказнасць грамадзян у выпадку парушэння правілаў пажарнай бяспекі. Не менш пагрозы тоіць у сабе і вада. Як толькі прыгрэе сонейка, дзеці накіруюцца на адпачынак да вадаёмаў. Задача дарослых зрабіць усё магчымае, каб там не здарылася бяды.
Увага вядучых Зоі Ляшчынскай і Марыны Крэнь была звернута і на замяшчальныя сем’і. У іх у атмасферы цяпла, утульнасці расцуць і пазнаюць навакольны свет дзяці-сіроты і дзяці, якія засталіся без апекі бацькоў. Прыняць у сваю сям’ю такіх дзяцей, палюбіць і стаць для іх надзейнай апорай – усё роўна як здзейсніць подзвіг у мірны час.
Пра адну з замяшчальных сямей Людмілы Бягезы з аг. Гвозніца расказала прысутным у зале вядучая Зоя Ляшчынская. На раённым бацькоўскім сходзе Людмілу Сямёнаўну шчыра віталі не толькі ўдзельнікі раённага бацькоўскага сходу, але і яе прыёмныя дзеці: Ілона, Крысціна і Міхаіл. А Дар’я і Вераніка даслалі жанчыне свае відэавіншаванні, якія кранулі і нікога не пакінулі абыякавым.
Напрыканцы раённага бацькоўскага сходу пісьмовыя падзякі аддзела па адукацыі райвыканкама за актыўнасць, увагу, мудрасць, цярпенне, зацікаўленасць і партнёрства са школай у справе навучання і выхавання дзяцей і актыўны ўдзел ў жыцці атрымалі 24 лепшых бацькоў устаноў адукацыі раёна па выніках 2024/2025 навучальнага года.
Святочны і прыўзняты настрой прысутным у зале стваралі нумары мастацкай самадзейнасці. Іх падрыхтавалі настаяцель прыхода храма Лукаўскай іконы Божай Маці аг. Лукава іерэй Сергій Бірук-Русу і настаўніца раённай гімназіі Ірына Сацюк, вучні раённай гімназіі Аляксандра Касянюк і Максім Сезік, ансамбль “Спявай са мной” Маларыцкага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, а таксама яго салістка Іванна Гірыковіч (кіраўнік Таццяна Вашчынчук),
Вынікі работы першага раённага бацькоўскага сходу падвёў Аляксандр Пятручык. Ён адзначыў, што сям’я – стартавая пляцоўка, якая вызначае далейшы маршрут руху чалавека. Ад бацькоў у значнай ступені залежыць, якім вырасце іх дзіця, якім яно пойдзе ў дарослае жыццё. Школа і педагогі з радасцю заўсёды дапамогуць знайсці выхад са складаных жыццёвых сітуацый. Трэба толькі памятаць, што самы вялікі ўплыў на фарміраванне асобы дзіцяці аказваюць рэальныя ўчынкі і паводзіны бацькоў, а не бясконцыя іх павучанні.