Фестиваль “Ягаднае сузор’е”

Здоровый образ жизни

У летнім календары культурна-масавых мерапрыемсваў Маларытчыны з’явілася яшчэ адно свята. 19 ліпеня прайшоў першы раённы фестываль “Ягаднае сузор’е”. Ініцыятарам яго правядзення выступіў Маларыцкі раённы выканаўчы камітэт сумесна з прадстаўнікамі  бізнес-супольнасці ў галіне  раслінаводства.

Яркае шоу з ягадным смакам і выдатным настроем

Асноўныя мерапрыемствы раённага фестывалю “Ягаднае сузор’е” прайшлі ў гарадскім парку. З 14.00 тут працавалі гандлёвыя павільёны, кропкі грамадскага харчавання і шматлікія дзіцячыя атракцыёны.

Старт мерапрыемству “Ягаднае сузор’е” дало святочнае шэсце яго ўдзельнікаў і ўдзельнікаў конкурсу тэматычнага касцюма “Ягадны карнавал” у гарадскі парк. Трохі пазней на фестывальнай сцэне з’явіліся вядучая Лілія Чуль і Гаспадыня Ягад (Алёна Свішчова). Яны распачалі ўрачыстае адкрыццё мерапрыемства. З прывітальным словам да  маларытчан і гасцей горада звярнуўся старшыня райвыканкама Аляксандр Корж. Ён выказаў упэўненасць, што фестываль “Ягаднае сузор’е” стане адметнай з’явай у культурным жыцці раёна, перарасце рамкі рэгіянальнага мерапрыемства і будзе сапраўдным брэндам нашага раёна, сімвалам добрасуседства, дружбы, гасціннасці, плённай працы.

Дажджлівае надвор’е не стала перашкодай для правядзення мерапрыемства. Тыя, хто завітаў на фестываль, зусім не пашкадавалі аб гэтым. Столькі рознапланавых тэматычных пляцовак прапанавалі арганізатары, што нікому сумаваць не прыйшлося. Наведвальнікі з цікавасцю знаёміліся з выставай-продажам работ майстроў народных промыслаў і рамёстваў  у “Горадзе майстроў” не толькі Маларытчыны, але і з г. Брэста, Брэсцкага, Пінскага і Бярозаўскага  раёнаў.  

Выстава-конкурс тэматычных падворкаў сярод сельскіх Саветаў “Ягадны падворак” прываблівала многіх прысутных на мерапрыемстве. Сапраўды, вочы разбягаліся ад прадстаўленых пачастункаў, дэлікатэсаў. Толькі ў адным месцы і адразу можна ўбачыць і паспрабаваць безліч апетытных пірагоў, пернікаў, пячэння з дзівоснымі фруктовымі начынкамі, розных гатункаў ягад (маліны, клубніцы, буякі, вінаград, чарніцы, суніцы, парэчкі, агрэст…), смачныя напоі, морсы, сокі…

Захапленне выклікалі літаратурная пляцоўка “Ягадны калейдаскоп”, выстава-конкурс на лепшую тэматычную фатазону “Ягадны аб’ектыў”, інтэрактыўная дзіцячая гульнёвая пляцоўка “У гасцях ў Ягадкі”, інтэрактыўная гульнёвая пляцоўка для дарослых “Забавы на любы смак”.

Кульмінацыйным момантам фестывалю стала прыгатаванне  святочнага напою “Ягаднае сузор’е”. У ім прынялі ўдзел старшыня Маларыцкага раённага выканаўчага камітэта Аляксанрд Корж, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Кацярына Паздзяйкіна, дырэктар Маларыцкага кансервавагароднінасушыльнага камбіната Юрый Вітрук, старшыня Брэсцкай абласной калегіі адвакатаў Тамара Шатлікава. Дарэчы, рэцэптура напою распрацавана на прадпрыемстве, а сам працэс прыгатавання непасрэдна кантралявала вопытная варшчыца прадпрыемства Зульфія Мішчук. Пасля таго, як напой быў прыгатаваны, яго маглі прадэгусціраваць усе, хто жадаў. Напой “Ягаднае сузор’е” прыйшоўся ўсім даспадобы!

На хвалі натхнення і выдумкі

Усе з нецярпеннем чакалі вынікаў фестывальных конкурсаў. Нарэшце журы  іх падвяло. У выставе-конкурсе тэматычных падворкаў сярод сельскіх Саветаў “Ягадны падворак” заслужаныя ўзнагароды ўручыў старшыня райвыканкама Аляксандр Корж. Дыпломам І ступені ўзнагароджаны Гвозніцкі сельскі Савет, дыпломам ІІ ступені – Хаціслаўскі сельскі Савет, дыпломам ІІ ступені – Чарнянскі сельскі Савет. Кацярына Паздзяйкіна ўганаравала за ўдзел у выставе-конкурсе на лепшую тэматычную фатазону “Ягадны аб’ектыў” Маларыцкі  тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва (дыплом І ступені),  Маларыцкі  раённы цэнтр культуры (дыплом ІІ ступені), ТАА “Капікон” (дыплом ІІІ ступені). Старшыня раённага Савета дэпутатаў Эдуард Кандзярэшка ўручыў узнагароды ў намінацыі  “Самыя смачныя ягады”, прадстаўленыя на раённым фестывалі, сялянскім (фермерскім) гаспадаркам “Клубніка Замшаны”, “Ягада Люкс”, ТАА “БелБэрі”, Алегу Лінкевічу і Мікалаю Братчуку. Старшыні Брэсцкай абласной калегіі адвакатаў Тамары Шатлікавай выпаў гонар адзначыць пераможцаў конкурсу тэматычнага касцюма “Ягадны карнавал”. Акрамя гэтага, яна ўручыла ганаровыя граматы Брэсцкага грамадскага аб’яднання “Аддзяленне міжнароднага грамадскага фонду імя палкаводца Г.К Жукава” дырэктару Маларыцкага кансервавагароднінасу-шыльнага камбіната Юрыю Вітруку і кіраўніку фермерскай гаспадаркі “Дзівакрай” Пятру Зварычу.

Аб’ядналі музыка, песні і танцы

У праграме раённага фестывалю “Ягаднае сузор’е” было шмат рознай музыкі, песняў і танцаў. Увазе маларытчан і гасцей горада была прапанавана святочная канцэртная праграма творчых калектываў Маларыцкага раёна “Ягадны перазвон”,   канцэртаная праграма кавер-групы “LETO” (г. Мінск),  святочны феерверк і танцавальная праграма “Ягадны мікс”.

Арганізатары фестывалю “Ягаднае сузор’е” выказваюць шчырую падзяку за спонсарскую дапамогу ў яго правядзенні фермерскім гаспадаркам “Гусак Агра”, “Субаты”, “Дзівакрай”, сялянскім (фермерскім) гаспадаркам “Браты Жукавы”, “Олсі-Агра”, “ПроАграБлю”, “Квітнеючае прадмесце”, “Клубніка Замшаны”, “Ягада Люкс” , таварыствам з абмежаванай адказнасцю “ЛуГа”, “Малінаўка Плантс”, “Садовая рапсодыя”, “Кошык здароўя”, “МСРК”.

Фестываль завяршыўся на пазітыўнай ноце. Мясцовыя жыхары і госці свята панеслі з сабой не толькі кошыкі свежых ягад, зарад натхнення, пазітыўны настрой, але і пачуццё сапраўднага гонару за свой рэгіён,   руплівых і старанных людзей, якія штодзённай  працай узвышаюць Маларытчыну.