«Маларыцкія мядзведзі» – пераможцы міжнароднага турніру
Ва ўніверсальным спартыўным цэнтры «Жамчужына» 21 і 22 лютага праходзіў VІІІ міжнародны турнір па гандболе сярод аматарскіх мужчынскіх каманд. Упершыню каманда Маларытчыны стала пераможцам гэтага штогадовага спаборніцтва.
Арганізатарамі традыцыйнага спаборніцтва сталі Маларыцкі раённы фізкультурна-спартыўны клуб і Дзіцяча-юнацкая спартыўная школа Маларыцкага раёна. За тытул чэмпіёна і кубак турніру змагалася шэсць каманд: “Маларыцкія мядзведзі” (капітан Юрый Бурштын), “Авангард” (г. Ашмяны), зборная г. Мінска, зборная г. Магілёва, “Брэст” і “Заходні рэгіён” (г. Брэст).
Падчас урачыстага адкрыцця міжнароднага спаборніцтва да яго ўдзельнікаў звярнуліся старшыня Маларыцкага раённага Савета дэпутатаў Эдуард Кандзярэшка і намеснік старшыні па рабоце з рэгіёнамі Беларускай федэрацыі гандбола Барыс Пухоўскі. Яны пажадалі ўсім камандам удалых стартаў, паспяховага фінішу і спартыўных перамог. Свой танцавальны нумар спартсменам-аматарам і гледачам падарылі студыі эстраднага танца “Серпанцін” і “Black Cat” (кіраўнік Аляксандра Вашчынчук).
Спаборніцтвы праводзіліся ў двух групах. Працягласць кожнай гульні –па 15 хвілін у двух таймах, у фінале і за ІІІ-ІV месцы – два таймы па 20 хвілін. У групе “А” “Маларыцкія мядзведзі” выйгралі дзве гульні ў каманды “Брэст” (25:19) і зборнай Мінска (21:17) і занялі першае месца з чатырма ачкамі.
У фінальнай гульні з пераможцам групы “Б”, камандай “Заходні рэгіён”, маларытчане прадэманстравалі згуртаванасць, выдатную гульню і выйгралі з агульным лікам 20:15 (першая гульня таксама закончылася перамогай з лікам 9:5 на карысць нашых гандбалістаў). За “Маларыцкіх мядзведзяў” ігралі майстар спорту міжнароднага класу Барыс Пухоўскі, суддзя вышэйшай нацыянальнай катэгорыі, менеджар дзіцяча-юнацкага гандбола Беларускай федэрацыі гандбола Васіль Ляўчук, былы ігрок нацыянальнай зборнай, майстар спорту па гандболе Уладзіслаў Крывенка, Юрый Бурштын, Аляксандр Захожы, Дзмітрый Сапожнік, Арцём Дулуб, Аляксандр Мішчук, Давід Сацюк, Дзмітрый Піліпёнак, Сяргей Крупскі, Аляксандр Балюк і Дзмітрый Крывенка.
Арганізатары міжнароднага турніру адзначылі ігракоў, якія прадэманстравалі выдатную гульню. У намінацыі “Лепшы левы паўсярэдні” статуэтку атрымаў Барыс Пухоўскі. Лепшым бамбардзірам спаборніцтва стаў Уладзіслаў Крывенка, лепшым іграком – Васіль Ляўчук.
Заслужаныя ўзнагароды камандзе-пераможцы і прызёрам уручала галоўны суддзя спаборніцтва Людміла Сезік.











