“Лыжня – 2026”: хто хутчэй?

Информация для населения

У мінулую суботу гарадскі парк стаў месцам правядзення  раённага  зімовага спартыўна-масавага свята “Маларыцкая лыжня – 2026”. Страляючыя лыжнікі-аматары сямі каманд (райвыканкама, цэнтральнай раённай бальніцы, Маларыцкай ЖКГ, аддзела па адукацыі райвыканкама, ПМК №8, лясгаса, а таксама  зборная каманда Цэнтра банкаўскіх паслуг № 120 ААТ “ААБ Беларусбанк” і Цэнтра банкаўскіх паслуг № 115 у г. Маларыта Рэгіянальнай дырэкцыі па Брэсцкай вобласці ААТ “Белаграпрамбанк”) сабраліся для таго, каб праверыць сваю фізічную форму, вынослівасць, паспаборнічаць у хуткасці на снежнай трасе, трапнасці ў стральбе па мішэнях і атрымаць ад гэтага задавальненне і добры настрой. 

     

Перад стартам удзельнікаў спаборніцтва прывітала намеснік старшыні Маларыцкага райвыканкама Галіна Стасюк, якая адзначыла, што ў раёне вялікая ўвага надаецца развіццю спорту і прапагандзе здаровага ладу жыцця. І спаборніцтвы “Лыжня – 2026” яшчэ раз гэта пацвярдзілі. Галіна Анатольеўна пажадала ўдзельнікам лёгкага старту, хуткіх лыж, добрых вынікаў і цудоўнага настрою.

  Для спартсменаў-аматараў была прадугледжана біятлонная эстафета  на дыстанцыі 250 метраў. Каманды складаліся з 4 чалавек (дзвюх жанчын і двух мужчын). На кожным этапе ўдзельнік  павінен  быў пераадолець адзін круг са стральбой на вогневым  рубяжы з пнеўматычнай вінтоўкі з палажэння лежачы (пяць выстралаў, адлегласць да мішэняў – 15 метраў).

…Пяціхвілінная гатоўнасць, апошнія тлумачэнні суддзяў, парады і словы падтрымкі ўдзельнікам. І вось дадзены старт лыжным гонкам. На працягу спаборніцтва страляючых лыжнікаў актыўна падтрымлівалі балельшчыкі. Усе ўдзельнікі спартыўнага свята пры жаданні маглі частавацца салдацкай кашай і гарачым чаем, якія прапаноўвала пагранкамендатура “Маларыта”.

 

Нарэшце фінішную лінію пераадолеў апошні ўдзельнік раённага  зімовага спартыўна-масавага свята. Суддзі падводзяць вынікі. Каманды-пераможцы вызначаліся па найлепшым часе  праходжання дыстанцыі ўсёй камандай і трапнасці зробленых выстралаў. Лідарам спаборніцтва ў напружанай барацьбе стала каманда лыжнікаў аддзела па адукацыі  ў складзе  Андрэя Васільева (дырэктар Мельніцкай БШ), Алены Сезік і Івана Лук’янчука (настаўнікі раённай гімназіі), Ганны Сідарэнкі (выхавацель дзіцячага сада №5). На другім выніковым месцы  апынулася каманда  лясгаса, на трэцім – зборная каманда банкіраў. Заслужаныя ўзнагароды камандам-пераможцам і прызёрам уручыла Галіна Стасюк.

 

Голас часу