Современные подходы к организации питания в Чернянской школе Малоритского района
З 1 верасня новыя падыходы ў арганізацыі харчавання, акрамя сярэдняй школы №1 г. Маларыта, таксама ўведзены ў Олтушскай, Лукаўскай, Чарнянскай, Гвозніцкай, Макранскай, Ляхавецкай, Збуражскай, Дарапеевіцкай, Арэхаўскай і Радзежскай сярэдніх школах, Мельніцкай і Замшанскай базавых школах. Другі этап запланаваны з 1 студзеня 2024 года. Да яго далучацца Велікарыцкая і Ланская сярэднія школы. На трэцім этапе, з 1 верасня 2024 года, падключацца яшчэ Хаціслаўская сярэдняя школа, сярэдняя школа №2 г. Маларыта і раённая гімназія.
Ва ўстановах адукацыі, дзе ўкараняюцца сучасныя падыходы ў арганізацыі харчавання, з’явіліся новыя стравы і вырабы з улікам існуючай матэрыяльна-тэхнічнай базы сталовых: выкарыстоўваюць інфармацыйны зборнік тэхналагічных карт страў і вырабаў, распрацаваны з улікам смакавых пераваг вучняў, якія ўдалося выявіць у ходзе эксперымента.
Гігіенічныя прынцыпы харчавання засталіся нязменнымі. Гэта бяспека і якасць. Таму ў школьным меню няма гамбургераў і чызбургераў.
На новы ўзровень выйшла і ўзаемадзеянне з вучнямі і іх бацькамі. Размова ідзе аб фарміраванні культуры здаровага харчавання, правядзенні мерапрыемстваў выхаваўчага характару, дэгустацыі новых страў. Апошняе таму пацвярджэнне – агульнашкольны бацькоўскі сход, які прайшоў у Чарнянскай СШ імя Юрыя Шалягейкі. На ім выступіла дырэктар установы адукацыі Жанна Рабчынская. Яна адзначыла, што 48 вучняў, якія навучаюцца ва ўстанове адукацыі, задаволены новымі падыходамі ў арганізацыі харчавання.
Падчас мерапрыемства ў Чарнянскай школе бацькі вучняў, а таксама галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Маларыцкага раёна Максім Поўх, памочнік урача-гігіеніста санітарна-эпідэміялагічнага аддзела Маларыцкага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Любоў Струнец прадэгусціравалі 10 страў, прыгатаваных школьным поварам Вольгай Наход у рамках рэалізацыі новых падыходаў у арганізацыі харчавання. Яны высока ацанілі смакавыя якасці такіх страў, як, напрыклад, каўбаскі курыныя “Сакрэцікі”, рыбныя палачкі, мітболы з сырам, бульба запечаная “Антошкіна бульба”, піца “Школьная”, рыс “Мазаіка”, салаты “Ветразь”, “Хвілінка”, напой “Крынічка”, какава “Чабурашка”.
Кожны з прысутных прагаласаваў за тыя стравы, якія спадабаліся найбольш.